герб города Волковыска
На главную Карта сайта Контакты

Я ищу
в возрасте от до
город
знакомства

 

Пагаворым па-беларуску?(2009/02/21)

З 2000 года адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У нашай краіне ён сёлета - асаблівы, бо 2009-ы ў нас - Год роднай зямлі. Роднае, сваё, беларускае становіцца ўсё больш папулярным, нягледзячы на глабалізацыю, уніфікацыю і інтэграцыю, якія пануюць у свеце. А ці часта мы, грамадзяне краіны Беларусь, незалежна ад нацыянальнасці, гаворым па-беларуску?

Паэтка Раіса Баравікова расказала цікавую гісторыю. Неяк ёй давялося выступаць перад дзецьмі ў школе. “Скажыце, дзеці, на якой мове гавораць у Францыі?” — запыталася ў малых пісьменніца. “На французскай”, — спачатку нясмела адказалі шкаляры. “А ў Італіі?” — “На італьянскай”, — з большай упэўненасцю прамовілі вучні. “А на якой у Германіі, Польшчы?” — “На нямецкай, польскай”, — ужо не сумняваючыся сцвярджалі хлопчыкі і дзяўчынкі. “Ну а ў Расіі?” — пацікавілася Раіса Андрэеўна. “Па-руску”, — лагічна разважылі дзеці. “А ў Беларусі?” — “Па-беларуску!” — выпалілі школьнікі і… раптам настала цішыня.

 

Логіка парушылася. Сапраўды, на якой мове павінны гаварыць беларусы? Паводле Канстытуцыі, у краіне дзве дзяржаўныя мовы. Значыць, кожны грамадзянін абавязаны ведаць і рускую, і беларускую мову. Здавалася б, відавочная ісціна. Але, на жаль, сітуацыя больш складаная. У 1948 годзе Якуб Колас трапна адзначыў становішча роднай мовы:

Пісьменніку будзь ты слугою
Ды зрэдку на шыльду залезь.

Яшчэ адзін класік, Пімен Панчанка, у 1964 годзе ледзь не крычаў ад роспачы:

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Так было больш паўстагоддзя таму. Але і цяпер пачуць беларускую гаворку вельмі складана. Ну хіба што на чыгуначным вакзале ды аб’явы ў транспарце.

 

Аднак, на думку Аляксандра Лукашанца, дырэктара Інстытута мовы і літаратуры НАН, усё не так і кепска — беларуская мова прысутнічае ва ўсіх сферах жыцця грамадства: “Вядома, не ў той ступені, як таго хацелася б. Але яна выкарыстоўваецца ў час набажэнстваў, у інтэрнэце, функцыяніруе не толькі яе літаратурная разнавіднасць, але і студэнцкі, маладзёжны слэнг, жаргон”.

 

Аптымізм калегі падтрымлівае Віктар Іўчанкаў, саветнік міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадскасцю: “У наш час сітуацыя кардынальна мяняецца. Раней панаваў песімізм, лічылася, што беларуская мова неўзабаве знікне. Цяпер я бачу, што ёю карыстаецца ўсё больш людзей — і часцей за ўсё моладзь. А калі ў асяроддзі моладзі ёсць мода на беларускую мову, значыць, яна мае будучыню”.

 

Дастаткова выйсці на двор, каб пераканацца: мода на беларускую мову пакуль што не ўсеагульная. На працягу некалькіх пакаленняў жыхары нашых гарадоў звыкліся гаварыць па-руску або са своеасаблівым пранонсам, які эстэты называюць трасянкай, а некаторыя лінгвісты нават схільныя лічыць… варыянтам беларускай мовы.

 

Тым часам тыя ж лінгвісты кажуць, што разам з мовай траціцца адна з адметнасцей нацыі. Дзень роднай мовы на тое і быў абвешчаны, каб захоўваць гэтую характэрную рысу кожнага народа. Паводле Аляксандра Лукашанца, у 90-я гады мінулага стагоддзя Французская акадэмія навук прызнала, што беларуская мова знаходзіцца на 111-м месцы ў спісе 350 пісьмовых моў свету. Гэта не такі ўжо і дрэнны паказчык. Пры тым, што тая ж навуковая ўстанова налічыла на планеце тры з паловай тысячы моў (паводле іншых звестак, у свеце больш за шэсць тысяч моў), большасць з якіх не маюць ні пісьмовасці, ні тым больш дзяржаўнага статусу.

 

Што ж, сапраўды, для аптымізму ёсць падставы. Беларуская мова выкладаецца ў школах, а таму кожны, хто жадае ёю авалодаць, можа гэта зрабіць. На беларускай мове выходзяць газеты, часопісы, кнігі. Але гэтага недастаткова. Патрэбен фон, на якім бы мова не гучала, як дзіва. Яна не мусіць выклікаць здзіўленне ў банку, рэстаране, буціку. Яна павінна выйсці за межы інтэлігенцкіх, маладзёжных супольнасцяў і вясковых ды местачковых грамад. Беларуская мова можа абслугоўваць поўнасцю ўсе сферы жыцця грамадства.

 

Аднак меў рацыю і той, хто сказаў, што, калі раптам усе беларусы загавораць па-беларуску, лепш жыць мы не станем. Не ад мовы залежыць дабрабыт. Але калі ў гаспадарцы парадак, чалавек імкнецца да хараства, пачынае дбаць пра тое месца, дзе жыве: набывае новую мэблю, заказвае мастакам дызайн інтэр’еру сваёй кватэры. Вырашыўшы эканамічныя праблемы, чалавек пачынае думаць пра культуру. Дызайн Беларускага Дома пакуль даволі эклектычны. І праблемы ў эканоміцы не вырашаны, асабліва ў час сусветнага крызісу. Дык што, мова пачакае?

 

Гэта ўжо вырашаць кожнаму з нас. Як слушна кажа Віктар Іўчанкаў, не трэба нікога ні да чаго прымушаць, людзі самі павінны прыйсці да сваёй роднай мовы. А яшчэ лепш — ведаць некалькі моў. Ну ці хаця б дзве дзяржаўныя. Вось гэтага ведання абедзвюх пакуль што, мабыць, і нестае, каб беларуская мова пачувалася гаспадыняй у сваёй Айчыне, дый каб руская не была абмежавана ў правах “роднай сястры”, як у некаторых суседніх краінах.

 

Магчыма, мы, беларусы, занадта асцярожныя, а то і нясмелыя. Адзін вядомы журналіст неяк прызнаўся: “Мяне ў войску адвучылі гаварыць па-беларуску, таму я ўжо не змагу”. Што ж, сёння — выдатны дзень, каб успомніць “забытае”. Ніхто ў нас не аднімаў роднай мовы, мы яе ўсе вучылі ў школе, яна афіцыйна прызнана ў нашым Беларускім Доме. А дома і сцены, кажуць, памагаюць.
А ў Панчанкі ў працытаваным вышэй вершы, памятаеце, якія словы наступныя: “Для мяне ж яна вечна жывая, як сляза, як раса, як зара.” Чым сёння не нагода самому сабе гэтыя словы сказаць, адчуць і зразумець нешта важнае?..

ДАРЭЧЫ

Мільёны шанцаў

Для выжывання мовы трэба, каб ёй карысталіся прынамсі 100 тысяч чалавек. У 1999 годзе, у час перапісу насельніцтва, 3 мільёны 686 тысяч грамадзян Беларусі заявілі, што гавораць дома па-беларуску — гэта 36,7 працэнта жыхароў. 6 мільёнаў 984 тысячы насельнікаў нашай дзяржавы (85,6 працэнта беларусаў) прызнаюць беларускую “роднай мовай”. У Расіі беларускай мовай валодаюць каля 300 тысяч чалавек, ва Украіне — 55 тысяч, у Польшчы — 40 тысяч.