Прэзентацыя новага выдання расійска-беларускага слоўніка Некрашэвіча-Байкова

 

rasijska-belaruski slounik 23.05.2011

Пра гэта паведамляе сайт горада Ваўкавыска 

Новае выданне слоўніка прадставіць чытачам Аляксандр Пашкевіч, кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі і кандыдат філасофскіх навук Валер Булгакаў.

Запрашаюцца усе жадаючыя!

Падрабязней пра выданне:

Прадмова

Сяргей Запрудскі
У ХХ стагоддзі беларуская лексікаграфія развівалася складаным, пакручастым чынам. Несумненна, усе перакладныя, з удзелам беларускай мовы, слоўнікі былі накіраваны на тое, каб як мага лепш паказаць лексічныя рэсурсы беларускай мовы (выключэнне складае хіба руска-беларускі слоўнік 1937 года пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча).

Напэўна, усе беларускія перакладныя слоўнікі тым ці іншым спосабам падобныя міжсобку, бо апісваюць адзін і той жа аб’ект — беларускую мову. Відавочна, і метады прадстаўлення лексікі ў слоўніках у значнай ступені аднолькавыя, што дазваляе канстатаваць пэўную бесперапыннасць лексікаграфічнага працэсу на працягу ХХ стагоддзя — ад сямімоўнага ляйпцыгскага слоўніка 1918 года да апошніх акадэмічных выданняў руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў.

І тым не менш усе слоўнікі мінулага стагоддзя маюць выразныя прыкметы часу, у якім яны былі створаны, а таксама нясуць на сабе адбітак людзей, асобаў, якія займаліся лексікаграфічнай практыкай. Не складае тут выключэння і «Расійска-беларускі слоўнік» Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова, надрукаваны ў Мінску ў 1928 годзе (а падрыхтаваны ў значнай меры яшчэ ў першай палове 1920-х гадоў). Капрызная дама, муза Кліо, распарадзілася так, што падрыхтаваны з пэўнай доляй паспешлівасці слоўнік не толькі знайшоў сваё пачэснае месца ў гісторыі беларускай лінгвістыкі, але і выклікае жывую цікавасць праз 80 гадоў пасля яго выдання — настолькі, што ўзнікла патрэба ў яго перавыданні сёння. Што ж спрыяла такому лёсу гэтай лексікаграфічнай працы?

Слоўнік быў створаны двума кваліфікаванымі чалавекамі — «спрадвечным» носьбітам беларускай мовы, выпускніком Віленскага настаўніцкага інстытута Сцяпанам Некрашэвічам і выпускніком Маскоўскай духоўнай акадэміі, «новым беларускамоўным» Міколам Байковым (народжаны ў Цвярской губерні, Байкоў трапіў у Беларусь на 24-м годзе жыцця) — у час, калі попыт на лексікаграфічную прадукцыю быў вельмі вялікі. Ключавое слова другой паловы 1920-х гадоў — «беларусізацыя» — неадменна патрабавала руска- (расійска-) беларускіх слоўнікаў, якімі магла б карыстацца шырокая публіка пры складанні справаводчых папер, у працэсе выкладання, пры напісанні навуковых прац, журналісцкіх і мастацкіх твораў, у вытворчым працэсе. Увогуле, акурат на працягу 1920-х гадоў кола спажыўцоў беларускай літаратурнай мовы выйшла па-за рамкі даволі вузкага слою культурніцкіх дзеячоў і чытачоў газеты «Наша ніва».

Літаратурная мова ў гэты час стала здабыткам шырокіх народных масаў, стала актыўна «ўбіраць» у сябе людзей, якія раней да яе мелі хутчэй вельмі ўскоснае дачыненне (або і не мелі ніякага), адначасова літаратурная мова радыкальна пашырыла свой лексічны склад.

Увогуле, толькі к канцу 1920-х гадоў стала ўзнікаць разуменне, што можна не проста гаварыць на беларускай мове, але і гаварыць «правільна», «нарматыўна», з выкарыстаннем яе багацця і з захаваннем пэўных нормаў, якія паступова пачыналі рабіцца агульнапрынятымі. І ў гэтым сэнсе слоўнік, падрыхтаваны з апорай на ствараную з пачатку 1920-х гадоў у Інбелкульце картатэку, аказаўся своечасовым і запатрабаваным — у ім непазбежна былі ўлічаны ўсе вымогі свайго часу адносна патрэбаў як тагачасных карыстальнікаў беларускай мовай, так і самой беларускай мовы. Асаблівую каштоўнасць слоўніку надае тая акалічнасць, што ў падборы эквівалентаў да расійскіх слоў аўтары не імкнуліся даваць толькі «адназначныя», строгія, «кананічныя» адпаведнікі, але і шырока прадстаўлялі сінанімічны і стылістычны спектр. З аднаго боку, такі падыход ствараў пэўныя праблемы (асабліва для людзей, якія кепска ведалі беларускую мову), калі ўзнікала патрэба выбіраць з шэрагу адпаведнікаў адзін; з другога, такая практыка была абумоўлена станам тагачаснай лексікаграфіі, фіксаванне «нарматыўнасці» таго або іншага слова для якой было важным, але не адзіным момантам. У гэты час яшчэ пільнай заставалася праблема агляду наяўных лексічных рэсурсаў беларускай мовы, выяўленне іх багацця — і слоўнік С. Некрашэвіча і М. Байкова ў поўнай меры задавальняў гэту вымогу.

Перавыданне дадзенага слоўніка ў ХХІ стагоддзі мае сэнс таму, што пытанне лексічнай размаітасці (і магчымасці выбару новых «старых» сродкаў) беларускай мовы пакуль яшчэ недастаткова асэнсавана — калі не ў беларускай лінгвістыцы, то ў асяроддзі найбольш актыўных карыстальнікаў беларускай мовы напэўна. Дыскусіі пра тое, якое слова найлепш ужыць для абазначэння той або іншай рэаліі, таго або іншага панятку, не спыняюцца — і слоўнік, у якім акумуляваны вельмі значныя і ў ладнай меры малавядомыя лексічныя рэсурсы беларускай мовы, можа стаць добрай дапамогай у высвятленні многіх спрэчных пытанняў.

Сяргей Запрудскі

Ад карэктара

Пры падрыхтоўцы слоўніка былі вытрыманыя наступныя прынцыпы.

Правапіс словаў уваходнай (расійскай) часткі прыведзены ў адпаведнасьць з сучаснымі нормамі расійскай мовы. У асноўны корпус слоўніка ў гэтым выданьні ўлучаныя слоўнікавыя артыкулы з «Дадаткаў» арыгіналу.

У беларускай частцы захаваны правапіс арыгінальнага выданьня. Да сучасных правапісных нормаў беларускай мовы прыведзена напісаньне часьціцаў, прыметнікаў і прыслоўяў разам, асобна ці праз злучок (напрыклад: да спадобы, дзе-б, папанску, што-год, за панібрата, ваеннапалявы — у арыгінале і даспадобы, дзе б, па-панску, штогод, запанібрата, ваенна-палявы ў гэтым выданьні); апроч таго, былі выпраўленыя яўныя памылкі друку. Канструкцыі падобны на / падобны да былі ўніфікаваныя да падобны да. Варыянты словаў, у адрозьненьне ад першага выданьня, падаваліся ў дужках цалкам (напрыклад: старá(э)ннасьць — старáннасьць (старэннасьць)). Пры адрозным напісаньні аднолькавых словаў у арыгінале гэтае выданьне падае такія выпадкі як варыятыўныя (напрыклад: дмухаць (дзьмухаць)). Некаторыя граматычныя формы выпраўленыя ў адпаведнасьці з нормамі беларускае мовы (напрыклад: божжа — божая, каменьні — каменьне). Захаваны спосаб падачы дзеясловаў трывальнымі парамі, дзе першым стаіць дзеяслоў незакончанага трываньня (напрыклад: замещать / заместить — замяшчáць / замясьцíць; заступáць / заступíць). У арыгінальным выданьні націскны і пазначаўся з дапамогаю курсіўнага шрыфту, у цяперашнім ужыты знак націску. Расстаўленыя націскі ў выпадку іх адсутнасьці ў першым выданьні, калі яны зьяўляюцца няспрэчнымі ці ўзнаўляльнымі з матар’ялу слоўніка, пры гэтым адлюстроўвалася акцэнталагічная дублетнасьць арыгіналу.

Заўсёды націскным зьяўляецца ё. Націскнымі ёсьць о, э, графічна націск адлюстроўваецца толькі ў выпадках іх спалучэньня ў лексеме (напрыклад: кóдэкс). У складаных словах як правіла падаецца толькі асноўны націск (напрыклад: доўгатэрмінóвы).

У часе падрыхтоўкі ўлічваўся складзены аўтарамі сьпіс «Паправак і памылак».

Марына Салавей

Ад аўтараў

Хуткі поступ беларускага культурнага жыцьця яшчэ ў пачатку 1922 г. высунуў пытаньне аб складаньні больш-менш поўнага расійска-беларускага слоўніка, які зьяўляўся патрэбным, асабліва ў сувязі з беларусізацыяй, для самых шырокіх колаў беларускага грамадзтва.

Заснаваны ў тым жа годзе Інстытут Беларускай Культуры абмеркаваў гэтае пытаньне і даручыў складаньне расійска-беларускага слоўніка С. М. Некрашэвічу і М. Я. Байкову, вызначыўшы разьмер слоўніка прыблізна каля 30 000 расійскіх слоў.

Аднак у працэсе працы выявілася, што паказаным разьмерам слоўніка абмежавацца ня можна, — і пры заканчэньні працы вызначаны раней лік слоў павялічыўся больш, чымся ў два разы (звыш 60 000 расійскіх слоў).

Закончаны апрацаваньнем у 1925 г. слоўнік у кастрычніку таго ж году быў пераданы для друку Дзяржаўнаму Выдавецтву, але з прычын тэхнічнага характару, галоўным чынам з-за адсутнасьці патрэбнай колькасьці шрыфтоў, друк слоўніка расьцягнуўся больш, чым на 2 гады, і быў скончаны, незалежна ад волі аўтараў, толькі ў пачатку 1928 г.

У аснову слоўніка быў паложаны слоўны матар’ял, запісаны на карткі паводле выбаркі слоў аўтарамі з слоўнікаў беларускай мовы Ів. Насовіча («Словарь белорусского наречия»), Ул. Дабравольскага («Смоленский областной словарь») і Яз. Ціхінскага («Беларуска-польска-рускі слоўнік»), а таксама запісы слоў беспасярэдна з народнай мовы, зробленыя пераважна ў Бабруйшчыне. На падставе гэтых матар’ялаў з дадаткам слоў, выбраных з літаратурных твораў (Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны) і з народнай мовы (А. Сержпутоўскі, П. Шэйн, M. Federowski і інш.), а таксама выпускаў беларускай навуковай тэрміналёгіі (выданьне Інстытуту Беларускай Культуры), слоўнік быў укладзены ў аб’ёме, прыстасаваным да падрабязных слоўнікаў расійскай мовы, — Паўлоўскага «Русско-немецкий словарь» [1] і Макарава «Русско-французский словарь»[2] у іх апошніх выданьнях. Пры рэдагаваньні рабіліся прыраўнаньні да слоўнікаў: В. Ластоўскі «Руска-крыўскі слоўнік» (Коўна, 1924 г.)[3], часткова — Ул. Даля «Словарь живого великорусского языка», М. Уманца і А. Спілкі «Словарь росийсько-український» (Львоў, 1893 г.)[4], Дуброўскага «Полный словарь русского и польского языка»[5] і Ф. Міклошыча «Краткий словарь шести славянских языков»[6].

Аднак ня ўсе беларускія словы, што знаходзіліся ў пэўных крыніцах, былі выкарыстаны пры перакладзе адпаведных расійскіх слоў. Так, напрыклад, з літаратурнай тэрміналёгіі (II вып. Беларускай навуковай тэрміналёгіі) не ўвайшлі ў слоўнік пераклады, якія там маюцца: «коллективизм — суспольнасьць», «комплектование — упоўналічваньне», «плагиат — творакрадзтва» і інш. Наагул аўтары імкнуліся ўхіляцца штучных новатвораў (нэалягізмаў) і давалі перавагу словам, што ўжо існуюць у народнай і літаратурнай мове.

Аўтары таксама лічылі лішнім даваць і вузкаспэцыяльныя навуковыя тэрміны, якія маюцца ў выпусках Беларускай навуковай тэрміналёгіі.

Што датыча перакладу расійскіх слоў на беларускую мову, то аўтары па магчымасьці імкнуліся даваць пераклады расійскіх слоў у розных іх значэньнях, аддзяляючы адно значэньне ад другога (у беларускай калёнцы) або цыфрамі (1, 2, 3…), або кропкай з коскай (за выключэньнем дзеясловаў). Адпаведныя да расійскіх слоў беларускія пераклады звычайна даюцца не адным беларускім словам, а некалькімі, з якіх першыя словы беларускай калёнкі, бліжэйшыя да расійскага слова, зьяўляюцца больш асноўнымі і больш пашыранымі ў літаратурнай мове, а далейшыя ад яго — сынонімамі і правінцыялізмамі — словамі, менш пашыранымі ў літаратурнай мове.

Дзеля практычнага значэньня слоўніка зьвернута ўвага і на пераклад расійскай фразэалёгіі, хаця і ў абмежаваным ліку з прычыны нераспрацаванасьці беларускай фразэалёгіі. Само сабой зразумела, што дадзеныя прыклады беларускай фразэалёгіі для перакладу пэўных расійскіх зваротаў не зьяўляюцца выключнымі: тут, бязумоўна, магчымы і іншыя беларускія звароты.

Абмежаваны памер слоўніка вымусіў аўтараў адмовіцца ад ілюстрацыі беларускіх слоў прыкладамі, што зьяўлялася б вельмі пажаданым, але што разам з тым значна павялічыла б слоўнік, які і без таго перавысіў вызначаны для яго памер (30 друк. аркушаў — запатрабаваньне Дзяржаўнага Выдавецтва). Беларускія словы ў слоўніку надрукаваны з націскам, за выняткам толькі літар «о» і «э», якія ў беларускай мове зьяўляюцца толькі пад націскам (за выключэньнем складаных і чужаземных слоў). З тае прычыны, што ў друкарні не знайшлося «і» з націскам, для адзначэньня націску на гэтай літары ўжыты курсыўны шрыфт (і).

Правапіс слоўніка звычайны, прыняты ў беларускай літаратурнай мове, паводле прынцыпаў правапісу Тарашкевіча. Адхіленьнем ад правапісу Тарашкевіча зьяўляецца толькі правапіс ненаціскнога «о» ў чужаземных словах, якое ўсюды перадаецца праз «а». Аўтары ўвялі гэтае правіла, па-першае, дзеля яго прастаты, а значыць, каб і ўхіліцца ад лішніх памылак, якія б, калі прытрымлівацца правапісу Тарашкевіча, няўхільна зьявіліся б у такой працы, як слоўнік, дзе даецца правапіс цэлых тысяч чужаземных слоў; а па-другое, грунтуючыся на практыцы гэтага правапісу ў замежных беларускіх выданьнях і некаторых нашых (газ. «Савецкая Беларусь» і інш.).

Гэтаму ж правілу падпарадкавана і злучэньне «лё» (lo) у чужаземных словах (філязофія, аналягічны) і злучэньне «іо» (бібліятэка, фізыяномія).

Чужаземнае «е» ўсюды перадаецца праз «э». Толькі ў злучэньнях «ge», «ke», «che» ў адпаведнасьці да такіх абеларушаных слоў, як кепска, цукер, гестка, цынгель, шахер-махер, чужаземнае «е» перадаецца праз беларускае «е»; злучэньне «he» перадаецца праз «гэ» (гэрб). Адносна чужаземнага «е» яшчэ зроблена адхіленьне ў канчатках пасьля «н», дзе чужаземнае «е», адпаведна да такіх абеларушаных слоў, як каўнер, жаўнер, інжынер, блюзьнер, перадаецца праз «е»: піянер.

Францускі суфікс «eur», што ў расійскім правапісе пішацца праз «ёр», у нашым слоўніку, падобна да прынятага ў літаратурным вымаўленьні такіх слоў, як рэжысэр, нэсэсэр, перадаецца праз «эр».

Ад правапісу Тарашкевіча таксама зроблена адхіленьне ў беларускіх словах: запэўнћць, упэўнћць, запэўнéньне, якія пішуцца бяз аканьня, бо ў праціўным выпадку зьмяніўся б сэнс слова.

Гаворачы аб правапісе слоўніка, трэба яшчэ сказаць аб падвойных формах слоў, якія ўжываюцца ў літаратурнай мове. Аўтары такія формы лічылі патрэбным азначаць; напрыклад, пані і паня. У мэтах эканоміі месца звычайна другая з падвойных форм паказваецца ў дужках; напрыклад, старá(э)нны, упро(á)шваць і г. д. Азначэньне гэтых паралельных форм, аўтары лічаць, будзе вельмі карысным і для правапіснай камісіі, якая будзе ўкладаць правапісны слоўнік беларускай мовы. Самі ж аўтары ня браліся ўзаконьваць адну з дзьвюх паралельных форм у беларускай мове, бо апошняя мэта, як і пытаньне беларускага правапісу, не ўваходзіла ў іх заданьні.

Прыходзіцца яшчэ сказаць аб памылках, якіх ці мала трапіла ў слоўнік, асабліва ў першую яго частку. Тлумачацца яны прычынамі як тэхнічнага характару (друкарня давала аўтарам толькі дзьве карэктуры; навіна справы для друкарні і неспрактыкаванасьць наборнікаў), а таксама і тым, што падчас друку першай часткі слоўніка адзін з аўтараў знаходзіўся ў доўгатэрміновай адлучцы.

Зразумела, што ў слоўніку знойдуцца і няўхільныя недакладнасьці ў перакладзе паасобных расійскіх слоў і зваротаў, знойдуцца і спрэчныя пераклады, і простыя памылкі, і пропускі патрэбных расійскіх слоў і трапных беларускіх слоў з жывой мовы, якія часткова тлумачацца пахібай аўтараў, а часткова і тым станам беларускай літаратурнай мовы, у якім яна знаходзілася пяць год назад, калі складаўся слоўнік. Падобныя словы, як вылучэнец, абежнік, адносьнік, тады не існавалі. А колькі трапных слоў стварыла за гэты час жыцьцё! Аднак галоўнай перашкодай для аўтараў слоўніка была адсутнасьць папярэдняй працы выбаркі слоў з літаратурнай мовы. Бязумоўна, што цяпер, калі Слоўнікавай камісіяй Інбелкульту арганізаваны шырокі збор слоў з народнай мовы і зроблена выбарка слоў бадай з усіх крыніц літаратурнай мовы (да 1 студзеня 1928 году сабрана звыш 360 000 картак), можна было б скласьці больш дасканалы слоўнік. Але тады, калі аўтары апрацоўвалі свой слоўнік, яны толькі мелі з надрукаванага слоўнага матар’яла слоўнік Насовіча, Дабравольскага ды невялічкі слоўнік Гарэцкага.

Заўважаныя хібы слоўніка часткова выпраўлены ў «Дадатках» і «Папраўках», але больш дакладна могуць быць выпраўлены толькі ў наступным выданьні слоўніка.

Усіх асоб, якія могуць зрабіць выпраўленьні слоўніка, аўтары, зараней выказваючы ім сваю шчырую падзяку, просяць дасылаць свае заўвагі на адрас Камісіі для ўкладаньня слоўніка жывой беларускай мовы Інстытуту Беларускай Культуры.

Усім асобам, якія дапамагалі пры ўкладаньні слоўніка, а асабліва Ўл. В. Чаржынскаму, які прачытаў слоўнік у рукапісе на літары А—О, і Бр. І. Эпімаху-Шыпілу, якім чыталіся некаторыя сшыткі рукапісу слоўніка і карэктурныя адбіткі, аўтары прыносяць сваю шчырую падзяку[7].

Дадаткі да слоўніка зроблены на падставе «Віцебскага краёвага слоўніка», выданага ў 1927 г., «Практычнага вайсковага слоўніка», выданьне (1927 г.) Вайсковай камісіі пры Інстытуце Беларускай Культуры, рукапісных слоўнікаў Шпілеўскага і Мядзьведзкага, якія маюцца ў аўтэнтыку ў Ленінградзкай Усесаюзнай Акадэміі Навук, «Слоўніка граматычна-лінгвістычнай тэрміналёгіі» (XV выпуск Беларускай навуковай тэрміналёгіі, Менск, 1927 г.), а таксама выпускаў навуковай тэрміналёгіі, скончаных апрацаваньнем ужо пасьля друку адпаведных аркушаў слоўніка. Дададзены таксама словы, пропуск якіх наагул заўважаны аўтарамі.

Аўтары

5 студзеня 1928 году

1. Поўнае бібліяграфічнае апісаньне крыніцы: Павловский И. Я. Полный русско-немецкий словарь. Ч. 1— 2. Рига, 1859. — Рэд.

2. Поўнае бібліяграфічнае апісаньне крыніцы: Макаров Н. П. Полный Русско-французский словарь. Петербург: Типография Тренке и Фюсне, 1889 г. — 508 с. — Рэд.

3. Поўнае бібліяграфічнае апісаньне крыніцы: Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна: Друкарня А. Бака, 1924. — Рэд.

4. Поўнае бібліяграфічнае апісаньне крыніцы: Уманець М., Спілка А. Словарь росийсько-український. 4 томи. Львів: НТШ, 1893-1898. — Рэд.

5. Поўнае бібліяграфічнае апісаньне крыніцы: Дубровский П. П. Полный словарь польского и русского языка. В 2 частях. Польско-русская часть. Варшава, 1876 — 1878. — Рэд.

6. Поўнае бібліяграфічнае апісаньне крыніцы: Краткий словарь шести славянских языков (русского с церковнославянским, болгарского, сербского, чешского и польского), а также французский и немецкий. Под редакцией проф. Ф. Миклошича. СПб.,М., Вена, 1885. — Рэд.

7. Наступны абзац у арыгінальным выданьні зьмешчаны перад тэкстам «Дадаткаў» — Рэд.