«Божая ліра» слонімскага паэта перашай паловы ХХ стагоддзя Гальяша Леўчыка выйшла з друку ў Мінску

У пачатку лютага 2024 года ў Мінску выйшла з друку кніга аўтарства аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, нашаніўца, паэта, перакладчыка, мастака і музыканта, бібліяфіла, ураджэнца Слоніма Гальяша Леўчыка (Ільі Міхайлавіча Ляўковіча: 1880 – 1944) «Божая ліра»

Як адзначаецца ў анатацыі да зборніка, гэта самае поўнае выданне твораў Гальяша Леўчыка. У кнізе змешчаны вершы паэта, апрацаваны фальклор, пераклады, апавяданні і публіцыстыка. Таксама ў кнігу ўвайшло шмат здымкаў, многа рэдкіх і раней невядомых чытачу.

Спадчыну аднаго са старэйшых і таленавітых слонімскіх паэтаў і калекцыянераў усяго беларускага пачатку і перашай паловы мінулага стагоддзя Гальяша Леўчыка шмат гадоў збіраў у архівах, бібліятэках і музеях даследчык яго жыцця і творчасці слонімец Сяргей Чыгрын.

Даследчык беларускай літаратуры з Мінска Юрась Бачышча і Сяргей Чыгрын з’яўляюцца укладальнікамі і аўтарамі прадмоў і каментарыяў да гэтай кнігі, якія знаёмяць чытача з пакручастым жыццёвым і творчым лёсам Гальяша Леўчыка.

Старыя карціны, кнігі і рэчы ўсё жыццё збіраў Гальяш Леўчык — і ўсё гэта згубілася ці загінула. Усе рарытэты захоўваліся ў слонімскай хаце паэта на Чырвонаармейскай вуліцы і ў варшаўскай кватэры. Хату паэта ў Слоніме, якая захавалася ў вайну, знеслі падчас будаўніцтва аўтарамонтнага завода, а кватэра ў Варшаве згарэла ў 1944 годзе. Тады ж загінуў і сам Гальяш Леўчык.

Кніга «Божая ліра», сёлетняе найбольш поўнае выданне літаратурнай спадчыны Гальяша Леўчыка —гэта і памяць пра паэта, і яго наказ сучасным чытачам-беларусам, які гучыць вельмі актуальна ў вершы «Хто адрокся сваіх…»:

Хто адрокся сваіх, Хто стыдацца нас стаў І прыліп да чужых, — Каб ён свету не знаў!

Мову родную хто Пазабыў, асмяяў, Загубіў за нішто, — Каб ён свету не знаў!

Сваю родну зямлю Хто чужынцам прадаў, Скрыўдзіў вёску сваю, — Каб ён свету не знаў!

Хто з народам не жыў І карысці не даў, Хто сваіх не любіў, — Каб ён свету не знаў!

Даследаванне творчасці старэйшых беларускіх літаратараў і выданне іх спадчыны сучаснікамі, як мы бачым гэта на прыкладзе слонімскага паэта Гальяша Леўчыка, паказвае, што беларуская літаратура жыве і развіваецца, а напісанае — застаецца.

Photo by Laker