Кніга пра рэпатрыяцыю беларусаў Беласточчыны ў 1944-1948 гады выйшла ў Беластоку
Гэта даследаванне нашага земляка Сяргея Чыгрына пра рэпатрыяцыю беларусаў Беласточчыны ў 1944-1948 гадах
Напрыканцы Другое сусветнай вайны, паводле савецка-польскіх пагадненняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 года і 16 жніўня 1945 года, улады СССР перадалі Польшчы са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. Падчас дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнай рэпатрыяцыі насельніцтва, з Беларусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 1945—1948 гадах пераехалі больш за 270 тысяч чалавек (беларусы-каталікі, якія дэкларавалі сябе палякамі).
Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падполля, неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне, частка беларусаў пасялілася ў Памор’і (раёны Гданску і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і іншых гарадах. А тысячы беларусаў Беласточчыны пакідалі родныя мясціны і ехалі на ўсход Беларусі і далей. Няпростым было іх развітанне з роднымі вёскамі, хутарамі, мястэчкамі, з цёплымі хатамі і багатымі агародамі, са сваімі землякамі і сваякамі. Але іншага выхаду не было. У другой палове 1940-х гадоў польскія банды ў Польшчы ім спакойна жыць не давалі. Таму людзі шукалі шчасце ў іншых рэгіёнах Бацькаўшчыны. Пра такіх беларусаў Беласточчыны аўтар шмат гадоў шукаў звесткі.
Яшчэ захоўваюцца матэрыялы пра беларусаў-рэпатрыянтаў з Беласточчыны, якія ў 1945-1948 гадах прыехалі ў Слонімскі, Дзятлаўскі, Навагрудскі, Ваўкавыскі, Мастоўскі, Карэліцкі і іншыя рэгіёны Беларусі, у беларускіх архівах. Напрыклад, у фондах Навагрудскага занальнага дзяржаўнага архіва аўтару ўдалося знайсці дзясяткі розных дакументаў, звязаных з беларусамі Беласточчыны, якія прыехалі на Гродзеншчыну ў 1947 годзе. Там захоўваюцца розныя заявы, спісы, акты, рашэнні, пастановы, выпіскі, звароты – усё, што было звязана з тымі беларусамі, якія прыехалі на пастаяннае месца жыхарства. Дзеці, унукі і праўнукі рэпатрыянтаў-беларусаў з Беласточчыны і сёння жывуць на Слонімшчыне і ў суседніх раёнах.
Аўтар кнігі на працягу некалькі гадоў, пачынаючы з 2000 года, ездзіў па Беларусі і запісваў успаміны беларусаў, якія не па свайму жаданню пакінулі родныя мясціны на Беласточчыне пасля Другой сусветнай вайны. Гэтыя ўспаміны запісаны ад людзей старэйшага пакалення беларусаў Польшчы, а таксама ад іх унукаў і праўнукаў.
У кнізе Сяргея Чыгрына “Рэпатрыяцыя беларусаў Беласточчыны, 1944-1948 гг.” публікуецца шмат фотаздымкаў і дакументаў. Яны ўсе дапаўняюць праўдзівыя ўспаміны беларусаў-рэпатрыянтаў.
Photo by Bazeeyto Gallery