На Гродзеншчыне стартавала міліцэйская спецаперацыя «Мак»

З 1 чэрвеня па 15 верасня ў Гродзенскай вобласці праводзіцца спецыяльная аперацыя міліцыі «Мак», паведамляе рэсурс абласной міліцыі

Яе асноўныя мэты — знаходжанне і знішчэнне наркатычных раслін, выяўленне супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў і прафілактычная праца сярод насельніцтва.

Міліцыя нагадвае гаспадарам прысядзібных участкаў пра неабходнасць знішчаць мак і іншыя наркатычныя расліны ў выпадку іх выяўлення.

Заканадаўства Беларусі прадугледжвае адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за вырошчванне наркатычных раслін. Адміністрацыйнае пакаранне прадугледжвае штраф да 20 базавых адзінак, а крымінальная адказнасць — да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Міліцыя заклікае паведамляць пра месцы росту маку і канопляў, як і пра асобаў, якія збываюць наркотыкі.

Photo by Donald Tong