Пажары на Гродзеншчыне: вясковец загінуў у агні ў Гродзенскім раёне

Падчас пажару ў Гродзенскім раёне загінуў вясковец, жыццё яшчэ аднаго жыхара вёскі выратаваў пажарны апавяшчальнік, канстатуе рэсурс МНС

12 студзеня ў 04.56 усхваляваны жыхар вёскі Калпакі Гродзенскага раёна паведаміў выратавальнікам пра тое, што ў суседняй кватэры пажар. Работнікі МНС адразу накіраваліся туды.

На месцы выратавальнікі ўбачылі, што гарыць адна з кватэр цаглянага дома з сярэдзіны, полымя палыхала і на даху.

Дом быў падзелены на тры кватэры. У кватэры, якая гарэла, жыў 46-гадовы мясцовы жыхар. Суседняе жытло належыць 56-гадоваму мужчыну і яго 75-гадовай маці, якая на момант пажару знаходзілася ў гасцях у сяброўкі. У трэцяй кватэры ніхто не жыў.

Як распавёў відавочца, яго разбудзіў пранізлівы гук пажарнага апавяшчаоьніка. Прачнуўшыся, мужчына выявіў у кватэры шчыльнае задымленне і адразу паведаміў пра здарэнне ў МНС, а сам выйшаў на вуліцу.

Падчас тушання пажару і правядзення разведкі ў кватэры, якая гарэла, выратавальнікі знайшлі мёртвым яе гаспадара.

На тушэнне пажару спатрэбілася паўгадзіны часу. Агонь пашкодзіў дах і перакрыцці над кватэрай.

Па адной з версій, да ўзгарання прывяла неасцярожнасць пры паленні.

У мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці неасцярожнае абыходжанне з агнём пры паленні прывяло да 160 пажараў, а ад непатушанай цыгарэты ў агні загінулі 45 чалавек, адзначаецца ў паведамленні.

Фота МНС