Пра лён гаварылі і спявалі на свяце ў Міжэвічах на Слонімшчыне

Дрэннае надвор’е не перашкодзіла правядзенню ў аграгарадку Міжэвічы традыцыйнага свята лёну “Блакіт нябёсаў”, прысвечанага вырошчванню і выкарыстанню адной з самых старажытных і каштоўных раслін Беларусі, увекавечанай на дзяржаўным гербе нашай краіны.

Свята прайшло ўжо сёмы раз і, як заўсёды, было яскравым і каларытным, паведамляе Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў.

На свяце праслаўлялі лён, дэманстравалі яго разнастайныя і ўнікальныя ўласцівасці. Прысутныя каштавалі стравы з дабаўленнем ільнянога насення, любаваліся шматлікімі выстаўкамі, фатаграфаваліся на фотазонах, слухалі песні ў выкананні мясцовых артыстаў і народнага вакальнага ансамбля «Славяначка».

Жыхары вёсак добра ведаюць, што лён для беларускай зямлі — традыцыйная і найстарэйшая сельскагаспадарчая культура. Ён апранаў і саграваў людзей многія стагоддзі. Без яго немагчыма ўявіць жыццё і народны побыт беларусаў.

Фото: Слонімскі цэнтр культуры НТіР