У Гродне зламыснік сцягнуў з пальца 82-гадовага пенсіянера залаты пярсцёнак у сталоўцы для бедных

Пра гэта паведамляе рэсурс абласной міліцыі

4 сакавіка 82-гадовы жыхар Гродна прыйшоў у сталовую для маламаёмасных і падсеў за стол да незнаёмага мужчыны. Незнаёмец заўважыў на пальцы пенсіянера залаты пярсцёнак, пачаў распытваць пра яго ды прасіць прымерыць. Калі ж пенсіянер адмовіў, зламыснік дачакаўся зручнага моманту, сцягнуў з пальца пацярпелага пярсцёнак і ўцёк.

Пра злачынства паведамілі ў Ленінскі РАУС Гродна, і супрацоўнікі крымінальнага вышуку пачалі шукаць злачынцу. Яго асобу хутка ўстанавілі. Ім аказаўся 44-гадовы мясцовы жыхар. Пасля крадзяжу мужчына здаў пярсцёнак у ювелірную краму і атрымаў за яго 480 рублёў. Грошы ён патраціў на ежу, спіртное і кветкі для знаёмай.

Следчы камітэт узбудзіў супраць зламысніка крымінальную справу па артыкуле «Грабеж, здзейснены з насіллем, бяспечным для жыцця і здароўя пацярпелага», які прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўлення волі, адзначаецца ў паведамленні.

Photo by Donald Tong