У Мастах участковы інспектар міліцыі знайшоў і вярнуў пенсіянерцы згублены кашалёк

Пра гэта паведамляе рэсурс абласной міліцыі

72-гадовая жыхарка Мастоў звярнулася ў мясцовы РАУС па дапамогу. Пенсіянерка паведаміла, што па дарозе з крамы дамоў згубіла кашалёк з 80-ю рублямі і рознымі карткамі.

Разбірацца ў сітуацыі пачаў участковы інспектар міліцыі Арцём Гарбацэвіч. Праглядзеўшы запісы з камераў відэаназірання, міліцыянер убачыў, што каля касы жанчына паклала кашалёк у кішэню, і быў відзён яго край, а пры выхадзе з крамы кашалька бачна не было.

Участковы абшукаў усю краму і пад адным з халадзільнікаў знайшоў кашалёк пенсіянеркі. З моманту звароту ў міліцыю мінула гадзіна, і кашалёк зноў апынуўся ў яго гаспадыні.

Пенсіянерка напісала міліцыянерам падзяку за дапамогу ў яе сітуацыі і чалавечыя адносіны, адзначаецца ў паведамленні.

Фота УУС

Photo by Pixabay