Жыхар Свіслачы развёў на грошы 13 чалавек — абяцаў заробак на перагоне машын з Еўропы
27-гадовы жыхар Свіслачы падазраецца ў махлярстве. Малады чалавек пераконваў знаёмых даваць грошы для заробку на перагоне машын з Еўропы, паведамляе рэсурс абласной міліцыі
Летам мінулага года малады чалавек пераканаў 28-гадовага знаёмага са Свіслачы ўкласціся ў заробак на перагоне машын з Еўропы, і той перадаў яму на гэта 600 даляраў ЗША і 300 беларускіх рублёў.
Займацца перагонам малады чалавек не стаў, грошы патраціў на свае патрэбы, а калі прыйшоў час дзяліцца прыбыткам, пачаў спасылацца на розныя праблемы пры растаможцы. Так цягнулася амаль год. Калі ж пацярпелы зразумеў, што яго проста падманваюць, то звярнуўся па дапамогу ў Свіслацкі РАУС.
Дзеянні западозранага ў злачынстве былі кваліфікаваны па артыкуле «Махлярства» Крымінальнага кодэкса.
Хутка ў свіслацкую міліцыю з аналагічнымі заявамі звярнуліся яшчэ 12 чалавек, адзначаецца ў паведамленні.
Photo by Karolina Grabowska